ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы крымін.-выканаўчага права. Першы кодэкс у галіне гэтага права прыняты ЦВК БССР у 1926. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам БССР 16.7.1971 і ўведзены ў дзеянне з 1.1.1972. Складаецца з 6 раздзелаў, у якіх вызначаны прынцыпы і ўстаноўлены агульныя палажэнні аб пакаранні, парадак і ўмовы выканання розных відаў крымін. пакарання, умоўнага асуджэння і ўмоўнага вызвалення ад адбывання пакарання. Кодэкс таксама рэгулюе парадак дапамогі асобам, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі, назірання і нагляду за імі, рэгламентуе формы ўдзелу грамадскасці ў выпраўленні і перавыхаванні асуджаных. Нац. сходам Рэспублікі Беларусь 14.12.1999 прыняты заканад. акт у галіне крымін.-выканаўчага права — крымінальна-выканаўчы кодэкс, які ўводзіцца ў дзеянне з 2001.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)